Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 21.

Шрифт
Фон

А дрывасечыха толькi яшчэ мацней заплакала:

- Ах, божачка! Дзе ж гэта цяпер мае дзеткi, бедныя мае сыночкi!

Адзiн раз яна крыкнула так гучна, што дзецi, якiя стаялi каля дзвярэй, пачулi матчыны словы i разам загаласiлi:

- Мы тут! Мы тут!

Мацi кiнулася да дзвярэй, адчынiла iх i моцна сцiснула дзяцей у абдымках.

- Якая радасць, што вы зноў са мной, мiлыя мае дзеткi! - сказала яна. - Вы ж, напэўна, стамiлiся i вельмi галодныя. Ай-ай, П'еро, як ты ўпэцкаўся! Ану, хадзi, я цябе пачышчу.

П'еро быў старэйшы сын, i дрывасечыха любiла яго болей за iншых, таму што ён быў рыжы, як i мацi.

Хлопчыкi селi да стала i пачалi ўплятаць з такiм смакам, што бацька з мацi нагледзецца не маглi. За вячэрай малыя расказалi бацькам, якога нацярпелiся ў лесе страху, i, расказваючы, увесь час перабiвалi адно аднаго. Добрыя сяляне вельмi радавалiся, што iх дзецi зноў разам з iмi, ды радасцi гэтай хапiла роўна настолькi, на колькi хапiла дзесяцi экю. А калi грошы скончылiся, бацькоў зноў апанаваў вялiкi смутак, i яны вырашылi зноў завесцi дзяцей у лес. Але каб не зрабiць памылкi другi раз, яны дамовiлiся завесцi iх яшчэ далей.

I ўсё ж, як нi сакрэтнiчалi дрывасек з дрывасечыхай, а Малое Пальчанё, iх меншы сын, усё роўна ўсё пачуў i зноў прыдумаў, як яму выкруцiцца. Рана ранiцай ён устаў i хацеў быў пайсцi на ручай па каменьчыкi, але нiчога ў яго не выйшла: дзверы ў хаце былi зачыненыя аж на два павароты. Бедны хлопец не ведаў, што рабiць. Але за снеданнем, калi дрывасечыха дала сынам па лусце хлеба, ён вырашыў, i замест каменьчыкаў будзе кiдаць паўсюль, дзе яны будуць iсцi, хлебныя крошкi. З тым ён i схаваў свой кавалак у кiшэню.

Бацька i мацi завялi дзяцей у сама глухi i змрочны кут лесу, а самi збочылi на кружную сцежку i ўцяклi. Але Малое Пальчанё гэта не надта засмуцiла: хлопец думаў, што па хлебных крошках знайсцi дарогу дадому будзе даволi лёгка. Але як ён здзiвiўся, калi не знайшоў нiводнага драбочку! Усё падзяўблi лясныя птушкi.

Хлопчыкi зусiм разгубiлiся. Чым далей яны iшлi, тым болей блудзiлi i яшчэ глыбей заходзiлi ў лес. Iм здавалася, што з усiх бакоў выюць ваўкi, падкрадаючыся, каб iх з'есцi. Ад страху яны маўчалi, як вады ў рот набраўшы, i баялiся нават павярнуць галаву. Раптам пайшоў моцны дождж, i малыя прамоклi аж да рубчыка. На кожным кроку яны слiзгалiся, падалi ў гразь, уставалi ўсе перапэцканыя i не ведалi, куды дзець брудныя рукi.

Нарэшце Малое Пальчанё вырашыў узлезцi на высокае дрэва i паглядзець, цi не вiдаць чаго-небудзь зверху. Ён зiрнуў ва ўсе бакi i вельмi далёка, аж на самым ускрайку лесу заўважыў маленькi агеньчык. Гэта вельмi ўзрадавала яго. Ён хуценька злез з дрэва, але апынуўшыся зноў на зямлi, агеньчыка ўжо не бачыў. Гэта яго крыху засмуцiла. I ўсё ж браты вырашылi пайсцi ў тым кiрунку, дзе, на iх думку, павiнна была стаяць хатка, у якой гарэла святло. Доўга цi мала яны iшлi, ды нарэшце выйшлi на ўзлессе i тут зноў убачылi той самы агеньчык.

Яшчэ не раз яны хвалявалiся, калi агеньчык раптам знiкаў. А гэта здаралася кожны раз, як хлопчыкi спускалiся ў лагчыну, але неўзабаве яны падышлi да хаткi, за акном якой гарэла маленькая свечка.

Яны пастукалiся ў дзверы, i iм адчынiла кабета. Яна запыталася, што iм трэба i што яны тут робяць так позна. Малое Пальчанё сказаў, што яны бедныя дзецi, што яны заблудзiлiся i ласкава просяць пусцiць iх на ноч. Убачыўшы перад сабой такiх мiлых дзетак, добрая жанчына заплакала.

- Ах, бедныя вы мае! - сказала яна. - Куды ж вы прыйшлi? Хiба вы не ведаеце, што тут жыве людаед, якi есць дзяцей?

- А што ж нам рабiць, панi, - адказаў Малое Пальчанё, якi, як i браты, аж калацiўся ад страху, - калi вы не згодзiцеся нас прытулiць, нас з'ядуць у лесе ваўкi. Дык хай ужо лепей нас з'есць людаед. Можа, вы папросiце яго, i ён пашкадуе нас?

Людаедава жонка падумала, што, можа, ёй сапраўды ўдасца схаваць дзяцей ад мужа да заўтрашняй ранiцы, i ўпусцiўшы iх у хату, пасадзiла грэцца каля агню, на якiм людаеду на вячэру смажыўся i цэлы баран.

Калi яны крыху абагрэлiся, у дзверы нехта моцна пагрукаў. Гэта вяртаўся людаед. Ягоная жонка адразу загадала хлопчыкам хутчэй лезцi пад ложак, а сама пайшла адчыняць.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке