Шарль Перро - Чарадзейныя казки (на белорусском языке) стр 19.

Шрифт
Фон

- Але ж, прынцэса, - сказаў Чубаты Рыкэ, - калi вы кажаце самi, што чалавек неразумны мог бы вас папракаць, што вы не трымаеце слова, то чаму, па-вашаму, таго ж самага не магу зрабiць я? Тым больш, што гаворка iдзе пра шчасце ўсяго майго жыцця! Цi ж справядлiва, каб разумны чалавек меў меней правоў, чым неразумны? I цi можаце гэта казаць вы - тая, каму так хацелася быць разумнай, ды яшчэ цяпер, калi вы атрымалi столькi розуму? Але вернемся, з вашага дазволу, да галоўнага пытання. Скажыце, цi ёсць што-небудзь яшчэ, апроч маёй выродлiвасцi, што вам ува мне не падабаецца? Можа, вы незадаволены маiм родам, розумам, характарам цi выхаваннем?

- Анi, - азвалася прынцэса, - усё гэта мне ў вас падабаецца.

- Значыць, я змагу быць шчаслiвы, - сказаў Чубаты Рыкэ, - бо вы здольная зрабiць мяне найпрыгажэйшым юнаком у свеце.

- Але ж як я магу зрабiць гэта? - здзiвiлася прынцэса.

- Гэта здарыцца тады, калi вы пакахаеце мяне настолькi, што вам самой захочацца, каб гэта здарылася, - адказаў Чубаты Рыкэ. - I калi вы сумняваецеся ў гэтым, дык ведайце: тая самая чараўнiца, што была пры маiм нараджэннi i надзялiла мяне дарам зрабiць разумнай абраную мною дзяўчыну, надзялiла дарам i вас, каб вы маглi зрабiць прыгожым чалавека, якога вы пакахаеце.

- Калi гэта праўда, - сказала прынцэса, - то я ўсiм сэрцам хачу, каб вы зрабiлiся найпрыгажэйшым i найпрыемнейшым прынцам у свеце. I калi ў мяне ёсць такi дар, то я ўвесь яго аддаю вам.

I не паспела прынцэса прамовiць гэтых словаў, як раптам, у яе на вачах, Чубаты Рыкэ ператварыўся ў сама прыгожага юнака, якога ёй даводзiлася бачыць. Праўда, людзi кажуць, што чараўнiца тут была зусiм нi пры чым i ўсё гэта здарылася дзякуючы каханню: прынцэса, маўляў, адзначыўшы сталасць характару свайго каханага, яго сцiпласць i добрыя якасцi яго душы, а таксама вялiкi розум, проста перастала заўважаць яго брыдкае цела i непрыгожы твар. Горб здаваўся ёй цяпер проста невялiкай сутуласцю, якая нават надавала прынцу трошкi важнасцi, а яго кульгавасць яна лiчыла за пацешную звычку крыху нахiляцца пры хадзе, i гэта яе нават зачароўвала. Яго вочы, хоць i былi касавурыя, але праз гэта здавалiся ёй толькi яшчэ болей блiскучымi, дый наогул мужаву касавурасць прынцэса лiчыла за адзнаку незвычайнага кахання, а ў яго тоўстым чырвоным носе ёй бачылася нешта ваяўнiчае i адважнае.

Як бы там нi было, прынцэса адразу паабяцала Рыкэ выйсцi за яго замуж, калi на тое будзе дазвол ейнага бацькi-караля. Калi ж кароль даведаўся, як высока яго дачка шануе Чубатага Рыкэ, пра якога ён, зрэшты, i сам чуў, як пра прынца разумнага i кемлiвага, ён з радасцю згадзiўся, каб той стаў яго зяцем. На другi дзень, як i меркаваў Чубаты Рыкэ, адбылося вяселле - балазе, ён загадзя паклапацiўся загадаць, каб усё было гатова.

Мараль

Вiдаць адразу - гэта казка не пустая,

Яна ў праўдзiвасцi з жыццём зраўнацца можа,

Бо ўсё ў тым, што кахаем мы - прыгожа,

I ўсё, што мы кахаем - розум мае.

Другая мараль

Рэч некаторую, бывае,

Прырода фарбамi такiмi надзяляе,

Якiх мастацтву не стварыць нiколi.

Але i хараство нам не расчулiць сэрца,

Пакуль каханне да яго не дакранецца;

А ўжо кране разок - i гэтага даволi.

МАЛОЕ ПАЛЬЧАНЁ

Жылi аднончы дрывасек з дрывасечыхай, i мелi яны сямёра дзяцей, ды ўсё хлопцаў. Старэйшаму было дзесяць гадоў, а малодшаму - сем. Хто-небудзь, напэўна, здзiвiцца, што за такi кароткi час у дрывасека нарадзiлася столькi дзяцей, але разгадка ў тым, што яго жонка добра ведала справу i штораз прыносiла яму не менш як двойню.

Людзi яны былi бедныя, i сямёра дзяцей для iх былi вялiкiм цяжарам, бо, вядома, малыя не ўмелi яшчэ зарабiць на хлеб. Засмучала бацькоў i тое, што меншы быў надта кволы i амаль увесь час маўчаў. Яны нават думалi, што ён крыху дурнаваты. Але за дурасць яны лiчылi тое, што напраўду было адзнакай кемлiвасцi i развагi. Ростам хлопец быў такi маленькi, што калi нарадзiўся на свет, увогуле быў не большы за палец; таму i далi яму такую мянушку - Малое Пальчанё.

У сям'i з небаракi ўсе кпiлi i, калi што здаралася, вiнавацiлi толькi яго.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке