Линдгрен Астрид - Браты Львинае Сэрца (на белорусском языке) стр 16.

Шрифт
Фон

Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас:

- Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь!

I калi я рашыўся, стала так лёгка на душы!

- Я ведаю, што мая праўда, - сказаў я трусам, таму што больш не было каму гэта сказаць.

Цяпер яны здзiчэюць. Я выцягнуў iх з клеткi, узяў на рукi, вынес за браму сядзiбы i паказаў iм на Вiшнёвую Далiну.

- Уся Далiна поўная травы, - сказаў я iм. - Тут бегае шмат вольных трусоў, з якiмi вы зможаце падружыцца. Думаю, тут будзе значна весялей, чым у клетцы, але бойцеся лiсы i Губерта.

Трое з iх, здавалася, былi крыху здзiўлены, а астатнiя скакалi вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалi прэч i знiклi сярод зялёных валатовак.

Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсiва, каб развесцi агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамi для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нiчога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, якi спякла Сафiя. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, i калi хлеб скончыцца, мне давядзецца есцi траву, як трусам.

Сафiя абяцала прынесцi на наступны дзень супу, але да таго часу я буду ўжо далёка. Бедная Сафiя, ёй давядзецца самой есцi свой суп, але мне так не хацелася, каб яна здагадалася, куды я пайшоў. Яна, вядома, даведаецца, але даведаецца надта позна, каб спынiць мяне.

Я ўзяў кавалачак вугалю з камiна i напiсаў вялiкiмi лiтарамi на сцяне кухнi:

"Хтосьцi паклiкаў мяне ў сне, i я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка за гарамi".

Я напiсаў гэта так смешна, каб, акрамя Сафii, калi хто прыйдзе вынюхваць штосьцi ў Сядзiбе Рыцараў, нiчога не зразумеў. "Ён", па ўсёй верагоднасцi, падумае, што я паспрабаваў напiсаць верш цi штосьцi такое. Але Сафiя адразу здагадаецца, што я меў на ўвазе: я паехаў шукаць Джанатана.

Я быў рады, што ўпершыню адчуў сябе дужым i смелым, i спяваў самому сабе:

- Хтосьцi паклiкаў мяне ў сне, i я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка за гарамi... - Ах, як хораша гэта гучала. Трэба будзе расказаць Джанатану пра мае спевы, калi я яго знайду.

"Калi я знайду яго, - падумаў я. - А калi не..."

Уся мая смеласць тут жа пакiнула мяне. Я зноў стаў маленькiм палахлiўцам, якiм быў заўсёды. Але тут жа пайшоў шукаць Ф'ялара. Я павiнен быў зараз жа знайсцi яго. Калi ён быў побач са мной, я не так баяўся. Колькi я прыходзiў да яго ў стойла, калi мне было цяжка ў адзiноцтве? Колькi разоў мяне супакойвала толькi тое, што я глядзеў у яго разумныя вочы i адчуваў, што ён быў цёплы, а нос яго мяккi? Калi б не Ф'ялар, я, напэўна, не змог бы жыць адзiн увесь гэты час без Джанатана.

Я пабег да стайнi.

Ф'ялар быў там не адзiн. Каля яго стаяў Губерт. Так, ён стаяў, лёгка паляпваючы каня па загрыўку i ўсмiхаючыся.

Сэрца пачало глуха калацiцца.

"Вось хто здраднiк", - падумаў я. Мне здалося, што адчуваю гэта даўно, але зараз быў упэўнены. Губерт быў здраднiкам. Iнакш чаго ён прыйшоў сюды, калi не шпiёнiць? "Гэты чалавек ведае надта многа", - сказала пра яго Сафiя.

I сапраўды, ён шмат чаго ведае. I ў гэтым цяпер я быў перакананы.

Ну, але што ён ведаў? Цi ведаў ён усё? Цi ведаў, што мы схавалi ў мяшку з аўсом? Я стараўся не паказаць, як я напалохаўся.

- Што ты тут робiш? - запытаўся я як мага спакайней. - Што ты хочаш ад Ф'ялара?

- Нiчога, - адказаў Губерт, - я прыйшоў да цябе, калi пачуў iржанне каня, я люблю коней. Твой Ф'ялар цудоўны...

"Мяне ты не абдурыш", - падумаў я i сказаў:

- А што ты хочаш ад мяне?

- Аддаць табе вось гэта, - Губерт працягнуў мне штосьцi, загорнутае ў кавалак белай тканiны. - Ты выглядаў такiм сумным i галодным, i мне здалося, што, пакуль Джанатан палюе, табе не хапае ежы.

Я не ведаў нi што рабiць, нi што сказаць. Я прамармытаў словы ўдзячнасцi. Але цi ж мог я ўзяць ежу ў здраднiка? Цi, можа, трэба ўзяць? Я памацаў пакунак i здагадаўся, што ён прынёс загорнуты вялiзны кавалак вэнджанай баранiны. Ад яго разлiваўся смачны пах.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке