Ён даў мне свежага хлеба з маслам i мёдам, расказваў легенды i казкi, але я не мог слухаць яго. Я думаў пра Тэнджыла, тое, што я даведаўся пра яго, не выходзiла з галавы. Я запытаў у брата - чаму ён павiнен адпраўляцца ў такое небяспечнае падарожжа? Хiба ён не можа застацца дома са мной i грэцца каля камiна? На гэта Джанатан адказаў, што ёсць справы, якiя трэба рабiць, нават калi гэта i вельмi небяспечна.
- Чаму? - не зразумеў я.
- Чаму... Бо ў другiм выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнiк.
I Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызвалiць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмi многа значыць, нават больш, чым Сафiя, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далiнам Наджыялы быў бы канец.
Было ўжо цёмна, агонь у камiне патух, настала ноч.
Калi надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы i назiраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знiкаючы ў тумане; так тою ранiцай у Вiшнёвай Далiне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калi Джанатан пачаў аддаляцца, а потым i зусiм знiк удалечынi, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзiн. Гэта было невыносна. Ад гора я проста трацiў розум. Тады я кiнуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло i паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубiць назаўсёды.
Я ведаў, што Джанатан збiраўся наведацца ў Сядзiбу Цюльпанаў, каб атрымаць указаннi ад Сафii, таму я скiраваў каня менавiта туды. Я iмчаўся наўскач i дагнаў яго ўжо каля самай Сядзiбы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, i я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азiрнуўся i ўбачыў мяне.
- Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён.
Сапраўды, чаго я хацеў?
- А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.
Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў:
- Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме...
- У Наджылiме? - перапытаў я. - А што гэта такое?
- Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам.
Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: "Ён хутка вернецца", але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам.
Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю.
- Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы - яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.
- Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую.
Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю.
- Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна.
Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi.