Валентин Зуб - Таямнічы надпіс стр 6.

Шрифт
Фон

Толік, які ўвесь час ішоў наперадзе, спыніўся.

Вось

тут дарога разыходзіцца, куды цяпер ісці: уперад ці звярнуць налева?

Калі з Бродаў ісці, дык налева Нінін бацька казаў. А тут, напэўна, напрасткі. Кіламетраў пяць яшчэ

Ой, хлопцы, а што, калі мы на граніцу прыйдзем? Тут жа зусім недалёка Польшча, занепакоіўся Жэнька.

Ну, да граніцы яшчэ ад Косінскай дзялянкі пятнаццаць кіламетраў, супакоіў яго Толік.

Чым глыбей хлопчыкі ўваходзілі ў лес, тым больш цікавыя дрэвы пачалі трапляцца на іх шляху. Сустракаліся хвоі такой вышыні і таўшчыні, якіх на ўзлессі ніколі і не ўбачыш. Высокія елкі так шырока развесілі свае лапы, што пад імі ўтварыліся сапраўдныя шатры.

Вось дзе ад дажджу добра хавацца, сказаў Васілёк, паказаўшы на магутную старую яліну. Будзеш сядзець, як у хаце пад страхой.

Яму ніхто не адказаў, і далей Васілёк ішоў моўчкі.

Запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Цераз дарогу, высока задраўшы лычык, перабег шустры вожык. Васілёк быў пагнаўся за ім, але той спрытна шмыгнуў пад куст і знік. «Ну і няхай сябе», падумаў Васілёк. Яго больш цікавілі птушкі. Вось і цяпер ён нават некалькі разоў спатыкаўся, бо часта заглядаўся на верхавіны дрэў, дзе ў густым лісці чуўся многагалосы птушыны хор.

Калі над галавой у хлопцаў пракрычала сваё не вельмі меладычнае «ку-ку» зязюля, Васілёк спыніўся і, задраўшы галаву, закрычаў:

Зязюля-зязюля, колькі мне год? Жэнька таксама спыніўся і з цікавасцю стаў углядацца ў зялёнае лісце, але птушка кудысьці знікла.

Эх, ты! прабурчаў ён. Дарэмна толькі напужаў.

Яе не напужаеш, адказаў Васілёк. Гэта яшчэ тая птушка. Ведаеш, як яна птушанят выводзіць? Падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды, і ўжо іншыя птушкі за яе стараюцца выседжваюць, выкормліваюць.

Ну, гэта ты загнуў, не паверыў Жэнька. Якая такая птушка дазволіць ёй несціся ў сваім гняздзе?

А яна ў гняздо і не лезе. Яна толькі аблюбуе яго, а потым пакладзе яечка дзе-небудзь непадалёк на зямлю і чакае. Як толькі гаспадары паляцяць куды-небудзь, яна адразу яечка ў дзюбу і да гнязда. Пакладзе разам з іншымі, а там паспрабуй разбярыся

Толік не вельмі прыслухоўваўся да размовы сяброў. Ён думаў аб тым, як магла апынуцца праца доктара Долахава ў лесе пад дрэвам, калі толькі гэта яшчэ яна? А можа, там закапана наогул што-небудзь іншае, бо маці Жэнькі расказвала, што ўсе паперы доктара забралі немцы. Тут сапраўды нейкая загадка.

Між тым лес стаў прыкметна радзець, пачалі трапляцца высечкі. Васілёк першы заўважыў расшчэплены маланкай дуб на паляне і каля яго вялікія штабелі бёрнаў, якія не паспелі вывезці зімой.

Ура! Косінская дзялянка! закрычаў ён і кінуўся наперад.

Толік не падзяляў яго радасці. Ён назіркам аглядзеў дзялянку і злосна махнуў рукой. Было ясна, што знайсці патрэбны пень ім будзе цяжэй, чым яны думалі, бо дзялянка займала даволі вялікую плошчу і ўсе пні на ёй былі старанна ачышчаны ад кары. Толік ведаў, гэта своеасаблівая лясная «гігіена». Пні ачышчаліся ад кары для таго, каб пад ёю не заводзіліся шкоднікі лесу. Кару здымалі сякерамі, і, вядома, разам з карой адшчэпліваліся кавалкі дрэва, а ад гэтага змянялася форма пня. Галлё ж складвалася ў кучы і спальвалася. Пад такімі кастрамі згарэла шмат пнёў. І хто мог быць упэўнены, што не згарэў якраз той пень, на якім быў працяг надпісу? Лясная гігіена калі і не зусім пазбавіла хлопчыкаў магчымасці адшукаць патрэбны пень, то ўсё ж значна ўскладніла задачу.

Жэнька адразу паў духам і ўжо гатовы быў наогул адмовіцца ад пошукаў.

Нічога ў нас не атрымаецца, сказаў ён.

Чаму не атрымаецца? Толік сурова звёў бровы.

Хіба ты не бачыш, што з дзялянкай зрабілі? Паспрабуй знайдзі цяпер працяг надпісу.

А навошта шукаць надпіс? Нам трэба знайсці толькі пень.

Ну добра, а як ты знойдзеш пень?

Знойдзем! Мы павінны яго знайсці. Прыйдзецца больш патраціць часу, вось і ўсё. А вы ўжо і насы павесілі. Адступілі перад першымі цяжкасцямі

Ну, хопіць, хопіць балбатаць, спыніў яго Васілёк, давайце лепей рабіць будан. І першым пачаў шукаць зручнае месца.

Першыя крокі

Перш за ўсё, сказаў Толік, паспрабуем адшукаць патрэбны нам пень. Для гэтага будзем прыкладваць да кожнага пня наш кавалак з літарамі. Калі сустрэнем падобны, абкапаем яго з усіх бакоў.

А на якую глыбіню? пацікавіўся Васілёк.

Мне здаецца, што трэба капаць чым глыбей, выказаў думку Жэнька, хоць на метр.

Дзіўны чалавек гэты Жэнька: толькі што ныў, гатовы быў усё кінуць і дадому ісці, а тут раптам сур'ёзна разважае, як лепш весці пошукі. І нічога быццам такога не здарылася,

каб змяніцца яго настрою.

А я думаю, запярэчыў Толік, хопіць і на паўметра, бо ранены або хворы чалавек не мог глыбока закапаць.

Калі ж мы пачнем шукаць? спытаў Васілёк.

Зараз жа і пачнем, адказаў Толік.

Лясная паляна жыла сваім жыццём. Няспынна, быццам маленькія казачныя матацыклы, стракаталі конікі. Абганяючы адзін аднаго, то ўзнімаючыся ўгору, то імкліва падаючы ўніз, ляталі рознакаляровыя матылі. Тук-тук-тук! біў сваёй моцнай дзюбай у сухое дрэва дзяцел. З густой зялёнай травы выглядвалі сінія, жоўтыя і чырвоныя галоўкі кветак і рабілі паляну падобнай на вялізны прыгожы дыван. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка можна было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Похожие книги

Популярные книги автора