Шрифт
Фон
Брату ў чужыне
Ці помніш ты, нядбалы дружа,
Ўсё тое, дзе радзіўся, ўзрос?
Дзе напявае зімка стужай,
Ірдзіцца лета бліскам рос?
Аздобнасьць неба сонца, зоры,
Спавіты месяц туманом;
Русалак ночкай разгаворы,
Шчасьлівых птушак песьні днём?
Ці помніш ты пагляд нясьмелы
Свайго радзімага сяла,
Адкуль паплёўся ў сьвет той белы,
Твая дзе моладасьць сплыла?
Нямое поле сенажаці
Лазой аквечаны дзірван;
Магілкі, сьпяць дзе твае брацьці,
На ўзьмежку прадзедаў курган?
Ці помніш прызбу, плот з прасламі,
Сваю хацінку, свой тачок,
Тваймі стаўляныя бацькамі,
Адвекам крыўлены набок?
Паміж прысад гасьцінец біты
Пясчаны, ўзьвілісты пакат;
Паводкай мост стары падмыты,
Бяроз плакучых сумны рад?
Ці помніш ты сваю матулю,
Што над калыскаю тваей
Пяяла песьню-байку «люлі»,
Снуючы ў думках рой надзей?
Сьвятую песьню родных межаў,
Няхітры мовы свойскай твор,
Зь якой зьліваецца звон вежаў,
А рэха ловіць цёмны бор?
Ці помніш жніў, касьбы дзень шчыры,
Начлег, агонь сярод кустоў;
Палёты з выраю у вырай
Буслоў, гусей і журавоў?
Убор вясковы, невыдумны,
Абычай сельскай прастаты
Край беларускі мірны, сумны,
Свой родны край ці помніш ты?..
Песьняру-Беларусу
Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песьняру?
Як у шуканьні вечным хлеба
Знайсьці ясьнейшую пару?
О, не хадзі к другім за радай,
У пушчы сонна не шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.
Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песьні выгалась свае!
За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Пясьняр слуга слугі усякай,
Пясьняр і цар усіх царэй!
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пайшла весьць ва ўсе хаткі,
Як зь ніў найбольшую браць дань.
Шчасьлівы ты ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы сьветач распалі!
Глядзі ўскалышыцца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
I вокліч славы пранясецца,
Пясьнярскай славы з роду ў род.
Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
I важна слаўлен, песьнярыста,
На той сьвет сойдзеш, як лісток.
Памёр пясьняр. Над белым крыжам
За годам год перабяжыць;
Няпамяць імя пяўца зьліжа,
А песьня будзе жыць і жыць!
Наша песьня
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!
Хоць нуды ў табе шмат вылівана сьлязьмі,
Дума-песьня ня хітра складаная,
Але нашая ты: недруг, спробуй, вазьмі!..
Ты ня можаш быць, песьня, скаванаю.
Як на небе зара ці як думка ў душы,
Не скуесься няволі ты путамі:
Ты, як той салавей, зазьвініш і ў глушы,
Запяешся людзьмі і закутымі.
Пей жа, песьня, дзень, ноч, песьня, родная нам,
Апявай жыцьцё наша праклятае,
І зайграй ты па сэрцу хоць раз бедакам,
Наўчы, як знайсьці шчасьце багатае.
Зазьвіні ты, як звон, і удар, як пярун,
Песьня наша, як воля, магучая!
Хай крыўдзіцель дрыжыць, як падбіты каршун,
Хай нясуцца ў сьвет рэхі грымучыя!..
*** Падсякайце тое дрэва
Падсякайце тое дрэва,
Што ў корні ўсыхае;
Не ўважайце таго сэрца,
Што жалю ня мае.
Страшце птушку, празь якую
Свойская загіне;
Забывайце песьню, што вам
Вораг ваш накіне.
Ой, гадуйце, падлівайце
Гай жывы, зялёны:
Сэрцу добраму давайце
Добрыя паклоны.
Паважайце тую птушку,
Што крыўды ня робе;
Не цурайцесь роднай песьні
Ў шчасьці і ў жалобе.
Папросту
Простым мы словам зь сьветам гаворым,
Песьні аб цяжкай творым нягодзе,
З думкамі рвёмся к сонцу і зорам,
Рвёмся к свабодзе.
Простая нашых прадзедаў слава,
Хоць апаганена мудрым чужынцам;
Шлі, ідзём далей ўлева ці ўправа
Простым гасьцінцам.
Сьвет там выдумкі хітрыя знае
Троны, кароны, вісельні, кулі,
Выдумаць гэта мы ў сваім краі
Неяк мінулі.
Летась нягодна, сёлета горай
Проста жылося, проста жывецца,
Красьці ж ня пойдзем, хоць у каморы
Кожны к нам прэцца.
Нас гадавалі віхры і ночкі,
Крыўдай паілі нас ад пялёнкі
Толькі ж папросту мы ня йшлі ўпрочкі
З роднай старонкі.
Хочам папросту, каб лепш ручыла
Нашым хацінам, нашым прыплодам,
Каб стаць раўнёю славай і сілай
Іншым народам.
Проста жывём мы, як доля лучыць,
I крывадушыць не прабавалі
Просім папросту: кіньце нас мучыць,
Ляхі, маскалі!
Вучыся
Вучыся, нябожа, вучэньне паможа
Змагацца зь нядоляй, зь няволяй
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа,
Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як труд і навука,
Ці ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
I гора сваё зваяваці.
Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе а толькі вазьміся!..
I знойдзецца ў працы аддыхі часінка,
I ў крыўду ўрагом не дасіся.
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
I к долі, і к волі, і к славе
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,
I шчасьце ж такое ты маеш
Шрифт
Фон