Шрифт
Фон
2
I чаго ж, непагода сьлязьлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
I таго не сабраць за табой!
У пракосе, ў капе, дый няскошана
I стаіць, і гніе сенажаць;
I ў снапах, і нязжатым бадзяецца
Дабро ў полі, аж сьлёз не стрымаць.
I ня хочаш ты гору мужычаму
Спагадаць, непагода, ані;
Не глядзіш, як ён будзе праводзіці
Зь дзецьмі, з жонкай зімовыя дні
Што пачне ён, бядак, як расьсьцелецца
Белы сьвет на дварэ, на страсе?
Чым сямейку карміць яму прыйдзецца
I трасянкі з чаго натрасе?
Дзіцё плакаці будзе галоднае,
Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,
Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца
Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.
Прышла восень
Прыйшла восень, мужычок,
Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Працаваў ты, працаваў
Круглы год.
Разьліваў ты, разьліваў
Кроў і пот,
Надзяліў жа малайца
Труд вялік:
Налажыў куток сянца
Наш мужык.
Злажыў торпамі ў таку
Скарб снапы:
Акалоту у кутку
З паўкапы;
З копку грэчкі і аўса
Ў другі кут.
Вось і плата табе ўся
За твой труд.
Ідзі ў ток, ідзі да дня
Цэпам бі
I кароўку, і каня
Накармі.
Адбяры, што ўзяў вясной,
У магазын,
Насып мех ты збажыной,
Вязі ў млын
Прыйшла восень, мужычок,
Ой, прыйшла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Зімовая ноч
Каля зоркі зорка
Ўніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Сьнегам зіхаціць.
На гасьцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат
Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка,
Сані за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санях клубком.
Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна,
Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сьніцца
Ў гэту ночку дум
Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясьне, аб сонцы,
Аб жыцьці другім.
Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..
Зіма
1
На марозе, на мяцеліцы
Прынёс сівер зіму срогую;
Людцы песьняй не вяселяцца,
Ўхаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю
Сьнегу белага, халоднага;
Страх мець холад над старонкаю
Для убогага, галоднага!
Ня плач, бедны, сьлязой горкаю!
Да вясны трэба памучыцца:
Ўзойдзе доля новай зоркаю,
I няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную,
Што ня век зіма паношыцца,
I бяз жальб, што шлеш напрасныя,
Сьлёзы высахнуць па крошачцы.
2
Белы стрэхі, бела поле;
Змоўкла птушак сакатаньне.
Гайда, Янка! Вось раздольле!
Кінь калёсы выладзь сані!
Заскакаў мароз па сьценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есьці просяць
Не пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай жа дрогне лес пануры,
Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што ня ўмеру
Там трасесься, як у трасцы?
Насталі сваю сякеру,
Хай у пушчы стук раздасца!..
Ты худы, кабылка худа
Хвойку вывезьлі, аж міла!
Даказалі-такі цуду:
Конь, мужык на сьвеце сіла!
Хто ты гэткі?
Хто ты гэткі?
Свой, тутэйшы.
Чаго хочаш?
Долі лепшай.
Якой долі?
Хлеба, солі.
А што болей?
Зямлі, волі.
Дзе радзіўся?
Ў сваёй вёсцы.
Дзе хрысьціўся?
Пры дарожцы.
Чым асьвенчан?
Кроўю, потам.
Чым быць хочаш?
Ня быць скотам
Ці ж гэта многа?!
Ад сьвету, ад Бога
Жадаю нямнога:
Зямелькі з валоку,
К ёй шнур неўдалёку,
Зь сьвятлічкай хацінку,
За жонку дзяўчынку,
Кусок салца к хлебу,
Рубля на патрэбу,
Здароўя чым болей,
Крыху долі, волі
I ўсё! больш нічога
Ну, ці ж гэта многа?!
*** Праз што плачаш, мужычок?
Праз што плачаш, мужычок?
Празь людзей і неба.
Чаго хочаш, мужычок?
Трохі солі, хлеба.
Калі шчасьліў, мужычок?
Як водкі напюся.
Калі грозен, мужычок?
Як з жонкаю бюся.
Праз каго сыт, мужычок?
Праз свой труд і сілу.
А ня ў крыўдзе калі ты?
Як лягу ў магілу.
Песьня сіроткі
Трэба мне, сіротцы, доля.
Ой, трэба:
Няма хаткі, няма поля
І хлеба.
На тым сьвеце бацька, маці
Ў магіле,
Сама я запрацаваці
Ня ў сіле.
Хто ж адзецца, пракарміцца
Паможа?
Дзе падзецца, прытуліцца,
Мой Божа?
Пайду к дрэўцу прытулюся,
Заплачу;
К зоркам думкай памалюся
Бядачай.
Пашлю скаргу, хай нясецца
За мора,
Як мне цяжанька жывецца,
Гавора.
Мо' ня льюць там сьлёз напрасна
Паводкай,
Маюць літасьць над няшчаснай
Сіроткай.
Стогне бор, віхры зрываюць
Плёт з стрэхаў,
Мае жальбы заміраюць
Бяз рэха
Былі ў бацькі тры сыны
Былі ў бацькі тры сыны,
Ды ўсе ж яны Васілі.
Адзін служыць у дварэ,
Поле панскае арэ;
Другі стражнікам зь іх стаў,
Куляй, шабляй засьвістаў;
Трэйці згінуў у баю
За свабоду і зямлю.
Бацька ў вёсцы сваёй сьпіць,
I дуда пры ім ляжыць;
Ён часамі дзьме ў яе,
Песьню нудную пяе:
Ой ты, дудка, ой, дуда!
Бяда жыці мне, бяда!
Не вяселіш ты мяне
Ў маёй беднай старане.
С песень беззямельнаго
1
Ніваў загоны,
Лес, сенажатка,
Садзік зялёны
І гэта хатка
Ня нашы, братка
Сёлета гэта
Выарам гладка,
Далей на лета
Чуць-чуць з апраткай
Цягнемся, братка.
Потам абліта
Ніва і градка,
Наша рунь жыта
Дый сенажатка
Панскія, братка.
А хоць нам трэба,
Так, неспагадка,
Мець кусок хлеба,
Вер, будзе сьвятка
І ў нас, мой братка!
Пройдзе, як вейка,
Крыўда і звадка,
Будзе зямелька,
Будзе і хатка
- Ў магілцы, братка!..
2
Як спыніўся я за хатай,
Як пайшоў,
Ні прыстанішча, ні сьвята
Не знайшоў.
Сьвецяць зоры дабрадзейна,
Зіхацяць,
Маёй толькі безьзямельнай
Не відаць.
Я з рукамі позна, рана
К сім і тым:
І к сваёму і да пана,
Служу ўсім;
I ару, і бараную,
Засяю,
На ўрадлівасьць жа гляджу я
Не сваю!
Пастыр стадка ў поле гоніць
I пяе:
Дзе ж кароўкі, валы, коні,
Дзе мае?
Ці на небе хмары тыя,
Ці ў вадзе?
I сюды я, і туды я
Ой, нідзе!
За кусок той хлеба чорны
Ты аддай
Сілу, думкі, будзь пакорны
I чакай!..
Нямой рыбай аб лёд біся
Век-вяком
I ў магілку паваліся
Бедаком.
Вецер енчыць, сьвішча ў полі,
Вольна дзьме,
Кляне, моліцца ў нядолі
За мяне.
Ходзяць хмары чарадою
Над зямлёй,
Плачуць, плачуць нада мною
Сіратой
Шрифт
Фон