Шрифт
Фон
Палац
Стогнуць пад мурам халодным таполі;
Крыліцца ў ветках начніца;
Моляцца совы па днеўным прывольлі;
Вецер калыша званіцай.
Сьцелюцца мжакі асеньняй валокны;
Вечар нялюдзен, трывожан;
Шыбамі звоняць палацавы вокны,
Ценямі мур упрыгожан!
Высакі, бледны адвечныя сьцены,
Мары-слупы чарадою;
Важны дзядзінец, трава па калена;
Сад з агародай жывою.
Дымна замглелі, як блудныя вогні,
Ў вёсцы далёкай лучыны
Весела, ярка ў палацы сягоньня,
Хвіляй-мінутай гадзіна.
Шыбы зардзелі блысканьнем няўхватным,
Кружацца пары, мігаюць;
Душы да славы ўсябратняй ня здатны,
Вокліка суму ня знаюць.
Бел, як астрог сярод пусткавай пашы,
Думку палац неспакое:
Штось да яго парывае і страша;
Зводны, аздобай пакоі.
Неўглядзь за поўнач насьпела часіна,
Сон на пакоі паў ройма
Досьвета ў вёсцы далёкай лучыны
Далей мігцяцца па-свойму.
Тае сьнег
Тае сьнег, таюць сковы зімы ледзяністыя,
Сонца з ласкай ажыўчай гуляе ў прывольлі!
Хутка жаўранак песьняй сваёй галасістаю
Прывітае аратых на полі.
Узьніме чорную скібу саха працавітая,
Ляжа ўсходнае зерне у пахаць сырую,
Закалосіцца поле, сьлязой, потам зьлітае,
Зашуміць сваю думу старую.
Гаспадар той суважна свой шнур па-сьвяточнаму
Абыходзіці будзе, красой любавацца,
Прыслухоўвацца к шэлесту нівы няўрочнаму
І маліцца к сваёй зямлі-матцы.
Сьмела гляне на сьвет і на долю зьмянлівую
Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ў знакі
Тыя сілы з усходу і захаду мсьцівыя,
Што даймаюць цяпер, як вужакі.
Паводка
Крэпкі, магутны аковы зімовыя
Льдзяныя брылы на захад і ўсход.
Бліснула сонца, сонца вясновае
Топіцца гурбіна, топіцца лёд!
З грохатам, зь лёскатам крыга за крыгаю
Прэцца, нясецца ў нязнаную даль;
Хваля за хваляю коціцца, мігае,
Ломіць прашкоды, як молатам сталь.
Дарма запорыну людзі бяздольныя
Выбегуць ставіці сіле такой:
Скрыша паводка ўсясільная, вольная,
Скрыша і пойдзе сваёй пуціной!
Эх ты, разводзьдзейка! Эх ты, бурлівае!
Ты аднаўляеш, купаеш зямлю;
Вынесі ж, вынесі хваляй жычліваю
К лепшаму шчасьцю людскую сям'ю!
З песень аб вясьне
I зелень, і кветкі, і песьні,
I неба вясёлая яснасьць
Ні цьмы той, ні сьнегавай плесьні,
Дзе глянеш адна, братка, шчаснасьць!
Сьвет цэлы зіяе каберцам,
Шум нейкі ад пушчаў нясецца,
З грудзей як ня выскача сэрца,
Душа кудысь рвецца ўсё рвецца
Прачнуліся нівы і хаты:
Ўся ў полі людская сямейка,
За сошкай шнуруе араты,
Ля статка іграе жалейка;
Зь сяўнёю сявец пахаджае,
На скібіны валіцца зерне;
Знаць, сіла ў сяўца немалая
Захоча і сьвет пераверне!
Гэй, гэй, хлебаробе мазольны,
Пан сошкі, і коскі, і поля!
Кінь выгляд сьлязьлівы, нявольны;
Ў тваіх руках слава і доля!
Сёмуха
Нарэшце па віхрах, па сьцюжы
Заглянуў вясеньні прасьвет;
Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа,
Як іншы, як лепшы стаў сьвет?
Пі бачыш, як неба міргае,
Як траўкай сьмяецца зямля?
Ці чуеш, што кум-лес нам бае?
Уцям, колькі ў рэчцы жыцьця.
А глянь ты на вёску на нашу,
На брацьцяў забытых у ей,
Я знаю, як доля іх страша
I колькі ім зводзіць надзей.
Во Сёмуху выйшлі спаткалі,
Надзелі сьвяточны убор,
Зялёнай галінкай уткалі
Сьвятлічку, і ганак, і двор.
I цешацца людзі, як дзеці;
Сягоньня труд скінуўся з рук,
Хоць заўтра на белым на сьвеце
Ах, колькі чакае іх мук!..
З летніх малюнкаў
Коціцца, ўецца далінкай крыніца,
Бецца, плюскоча ў каменьнях вадзіца,
Далей плыве і плюскоча.
Белымі грудкамі лёгшы на траўцы,
Хоча дзяўчынка к вадзіцы дастацца,
Губкамі чэрпнуці хоча.
Вольха лісткамі ёй шыю ласкоча,
Плюскатам рэчка сьмяецца у вочы,
Сонейка ўсіх абнімае.
Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсьміхаюцца соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае
Летняя раса
Як брыльянты, расьсявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.
А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць,
Рос прыходзіць адцьвітаньне,
Гуманы у рэчцы таюць.
Як брыльянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!
Лета
Эх ты, лета гарачае, бурнае!
Ажыўляеш ты поле і луг.
Люба, думкі пакінуўшы хмурныя,
На сьвет выйсьці ды глянуць вакруг.
Шум стаіць над лясістай дуброваю,
Быццам рада аб нечым ідзе;
Рэчка, ў прысадзь схаваўшысь альховую,
Бурліць; рыбка плюскоча ў вадзе.
Ў збожжа ўсякае ніва прыбралася
Хараства там якога няма!
Як зялёны дыван, распласталася;
Шопат нейкі плыве ад жытца.
Колас з коласам гутарку дзіўную
Завялі, бы на хмары злуюць;
Песьні жаваранкаў пераліўныя
Замаркоціцца, спаць не даюць.
А лагі, а гумнішчы, аселіцы?
Вось абняў, прытуліўся, ляжы
Хто з вас, хто не любіці асьмеліцца
Ўлетку сьвет ад мяжы да мяжы?..
Дай жа, лета, мне веру магучую,
Што калісь сваю долю знайду,
Дай мне песьні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу!
Сьпека
Прыскам пылае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як бы сьвет вечным пажарам
Хоча абняць і спаліць.
Звугліла высі-загоны,
Звугліла долы-лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорныя дыму кругі.
Сьцежкі заслала агніцай
Белым пякучым пяском,
Выссала рэчкі-крыніцы,
Ў дно іх зірнула агнём.
Саванам бледна-замглёным
Сьвету душу спавіла,
Потам крывава-чырвоным
Вочы зямлі заліла.
Крык-жальба вырвецца з губаў
К сонцу з плакучых грудзей,
Сонца зіяе загубай,
Сонца сьмяецца, як зьмей.
Заклятая кветка
Чуць толькі Купальскае сьвята
Набліжыцца з ночкай сваей,
Як папараць-кветкай заклятай
Чаруе няшчасных людзей
З надзеяй, і верай, і сілай
Зусюль, куды б дзе ні зірнуць,
Праз высі, даліны, магілы
Па кветку бягуць і бягуць!
Сава пяе песьню разлукі,
Лапоча крыламі кажан,
Мільённыя цягнуцца рукі,
Дзе дрэмле купальскі курган.
Тых радасьцю вочы сьмяюцца,
Тым зрэнкі крывёй заліло;
Піхаюцца, корчацца, б'юцца,
Мяшаецца праўда і зло.
Пачнуцца галінкі хіліцца,
Шасьцяць верасы пад нагой.
Туж-туж ужо кветку схапіці!
Сьцікаецца гэты і той
Тыц стой!.. Глядзяць зорніцы-сьведкі,
Пявун адгукнуўся ў сяле
Ні ночкі Купальскай, ні кветкі!
Усё затаілася ў мгле
Залыпалі блудныя вочы,
Мільёны уздохаў ляціць.
Сава не заціхне рагоча,
Крыламі кажан шапаціць
Сьлед костачкі сьцелюць услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе ж хай толькі Купальле,
Мільёны па кветку бягуць!..
Шрифт
Фон