Гениюш Лариса - Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія стр 19.

Шрифт
Фон
1963

* * *
Прыпала сонца прагнымі губамі
да ручайка і пе, і пе ваду.
Па сцежачцы праз мокры луг з грыбамі
ў спякотны дзень адна дамоў іду.
Праворуч важна перайшлі каровы,
налева бусел замахаў крылом.
І веру я, што ў гэты дзень ліпнёвы
я зноў іду ў забыты родны дом.
1963

Зямля
Дарога полем, вузкая,
сярод пяску і траў.
I рэкі, дзе над русламі
народ наш асядаў.
I гоні пладавітыя,
адвечных пушчаў след.
Там, недзе пад блакітам,
другі адкрыўся свет.
Мільёны міль паветраных,
ніякага жылля.
Адтуль такой маленькаю
здаешся ты, Зямля...
Дарогай найшырэйшаю,
што вокам не абняць,
лятаюць найсмялейшыя,
каб думы зор спазнаць.
Лятаюць недасягнена,
высоты ўмеюць браць,
каб зноў губамі прагнымі
прыпасці, цалаваць.
I за пачыны смелыя,
за мілі высаты
узяць з рук кветкі белыя,
што ўзгадавала ты!
Далоні сціснуць братнія,
на ногі моцна стаць
і лаўры, ў небе зжатыя,
табе, Зямля, аддаць.

1963

* * *
Сутонне шаўковую нітку прадзе.
Ўспаміны паэтаў багацце.
Здаецца, як добры, спрыяючы сцень
блукае па нашай хаце.
Зімовы, вячэрні, як марыва, час.
Маўчанне прыходзіць у госці.
Найлепшая з моваў вось тая якраз,
калі духам пачуеш кагосьці.
Голаў, бы яблыню, схіліш далоў,
на руку паложыш сэрца,
і нітка, сугучная нітка без слоў
аб долі Айчыны прадзецца.
Думы за думамі кружаць ўздагон,
абыякавасць рвуць спакою.
Застогнеш і сэрца маё, як звон,
разгамоніцца разам з табою.
1963

* * *
Сягоння сонца ткала дываны:
на шэрых стрэхах залатыя ніці.
Яны былі прыгожыя, як сны,
якім ў жыцці ніколі нельга збыцца...
А вецер пражу сонечную рваў,
на крылах паразносіў па кусочку,
нагія голлі бляскам аснаваў,
навіў на плот празорныя маточкі.
Я ціха выйшла пражу пазбіраць,
звіла ў клубкі яе з зямлі адталай
і захацела зноў палотны ткаць,
якіх ў жыцці яшчэ я не даткала...

* * *
Вецер да Нёмнавай сіні прыпаў,
вод люстра у дробязі крышыць,
спакойныя хвалі разгойдаў, узняў
і ціха калыша, калыша.
Смела пасталі на бераг дубы,
шуміць і сасна, і альшыннік,
быццам купаюць густыя чубы
ў разгойданай нёманскай сіні.
З сецямі дружна ідуць рыбакі,
шуміць ім насустрач дуброва...
I вучацца хлопцы ад дрэваў стрункіх
не гнуць пад вятрамі галоваў.
1964

* * *
Звычайны дзень, шляхі і раздарожжы,
і мэты ўзлёт за ценем простых слоў,
і падае маленькі, дробны дожджык,
як жменя слёз па тых, хто адышоў...
Ты ўсё маўчыш, ўсё думкамі наперад.
Лепш агляніся: ніва, як абрус,
і шлях стрункі, і хочацца мне верыць,
што йшоў сюдою ён якраз, Кастусь.
Хвала таму, хто вылецеў на волю,
хвала таму, хто праўду ў сэрцы нёс,
хвала таму, хто з пекла, з мукаў, з бою
у цёмных сілаў вырываў наш лёс...
Ты кажаш мне нічога я не маю,
глянь, той жа вецер, што, як бард, пяе,
ён мой ўвесь боль, ўсе казкі майго краю,
і дрэваў шум, і васількі мае.
Мой пушчаў цень, сляды зуброў, аленяў,
магільнікі зняволеных дзядоў,
і мова скарб наш, дарагі, нятленны,
і мой змагар, што вось сюдою йшоў.
О юны ўздым, зямлі пакутнай сілы!
О шчодры дар духовых светлых век!
І словы падалі ў дзірван і каласілі,
і змагары выходзілі з-пад стрэх.
Які быў смелы, родны чалавеча,
адкінуўшы шляхоцкі свой жупан,
ён світку шэрую, як мы, злажыў на плечы,
каб боль прыкрыць народных нашых ран.

1964

* * *
На магілах не сеюць пшаніцы,
з чужой крыўды не вырасце доля.
Хто не здольны прад здзекам спыніцца
панаваць той не будзе ніколі.
1964

Скарына
Над Падуяй неба такое наўкруг,
як сны мастакоў Адраджэння.
Падуя горад вялікіх навук,
славутых надзей і імкненняў.
Заціхлі званы, адбылася імша,
зноў спевы гучаць на лаціне.
Дыплом уручаюць: ён сын Лукаша,
палачанін, Францішак Скарына...
Даўно ўжо пакінуў свой меч і свой лук,
і Полацк, лясамі акружаны,
выйшаў насустрач свабодных навук,
па-свойму сільны і мужны.
Ўжо доктар навукі пад сілу яму.
З Падуі слаўнай, з чужыны,
вязе Беларусі, народу свайму
жыццё сваё, знанні і імя.
Не князь і не шляхціц, без дворні і слуг,
праз пушчы, мядзведжыя тропы
вяртаецца доктар медычных навук,
першы доктар на ўсходзе Еўропы.
Гандлюе, квітнее наш Край малады,
багаты і хлебам, і рыбай:
будуюцца замкі, ўстаюць гарады,
вырастаюць у пушчах сялібы.
Толькі навукі паны над зямлёй,
мовяць мовамі розных чужынаў.
І першую кнігу на мове сваёй
друкуе нашчадкам Скарына.
І годнае слова гучыць сярод цьмы
чужынскай, як праўда трывожная:
«Не, не для долі жывёльнае мы,
а к доблесці, к праўдзе народжаны».
Простым людзям ён піша, субраццям сваім
дарагія, разумныя словы.
Апавяшчае ўрачыста усім:
«Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай».
Можа, словы былі, як загад,
гэту мову пакутныя ўнукі
захавалі пад стрэхамі хат
для святла, для дабра, для навукі.
Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцы не згіне!
Будзем думаць, вучыцца, тварыць
так, як ты,
ў сваёй мове,
Скарына.
1965

* * *
Дануце Бічэль

Добры дзень, дарагая, харошая,
маладзенькі праменьчыку наш,
заварожана разам з Каложаю,
ганаровая Нёмнава страж.
Ноччу цьмянаю зоранька светлая
тым, хто ў цемры, ў бяспуцці маяк,
беларуская, тысячалетняя,
ў кожнай песні, бы Нёман, свая.
Ві з праменняў сваю недавітую
з хвойным пахам жывучай смалы
залатую, пасажную нітачку
на падарак каханай зямлі.
Кіне месяц у Нёман па зорачцы,
потым выбежыць сам на папас.
Хай прадзецца табе, няхай творыцца,
яшчэ скрыні не поўныя ў нас...
1965

Заблудзіць бы...
Польны вецер шлях блытае,
губіць аганёк,
сее-сее, падсявае
зоркамі сняжок.
Рвецца конік, вецер гоніць
аганёк сустрэць.
Добра гэтак на сутонні
з ветрамі ляцець.
Ну, заблудзім дык заблудзім.
Гэта навакол
нашы сёлы, нашы людзі,
ўсюды хлеб і соль.
Край наш любы, чалавечны,
хоць ні брат, ні сват,
ў гэты цёмны, снежны вечар
кожны госцю рад.
Гаманяць яшчэ па хатах,
дзеці йдуць са школ,
маці варыць, а дзяўчаты
накрываюць стол.
Вось дамы свае, глядзім мы,
аганькі святла.
Ах, як жаль, што не зблудзілі
недзе да сяла.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке