Спасибо, что скачали книгу в
Приятного чтения!
Ларыса Геніюш Збор твораў у двух тамах Том 1. Паэзія
Ёй дадзена было перамагчы
Ды няўстойлівая яна, прыжыццёвая слава. Вогнішча, падкормленае саломай, гарыць высока і ярка, але хутка ападае агонь, датляваюць вуглі, прыцьмявае і халаднее прысак. А ў халодным прысаку нават бульбы не спячэш.
А бывае наадварот. Паэт пры жыцці не самаўздымаецца на катурны, не чакае на калятронным зэдліку ласкі ад улады, не складае ёй одаў, не пнецца ні ў слугі народа, ні ў валадары думаў народных. Жыве годна, праўдзіва і сумленна, нібы маючы перад сабою накрэслены найвышэйшай воляй шлях.
Так пражыла сваё зямное жыццё Ларыса Геніюш. З яе зэльвенскай старасвецкай хаты не наладжваліся наўпроставыя радыётрансляцыі, практыкаваныя савецкай уладай да прыручаных паэтаў, да яе не напрошваліся на гутарку журналісты (Ларыса Антонаўна за сваё жыццё не дала аніводнага інтэрвю), у гонар яе не гучалі фанфары ў публічных месцах.
Зрэшты, дзяржаўнай увагай паэтка ўсё ж не была абыдзеная. Улада па-свойму адзначыла яе заслугі перад радзімай 25-цю гадамі Гулага, чвэрцьстагоддзем пакутаў на беласмертнай Поўначы . Што ж, паводле вечнай іерархіі хрысціянскіх каштоўнасцяў гэта вышэй за ўсе прэміі і званні, разам узятыя. Бо толькі дух чалавечы, прайшоўшы праз усе выпрабаванні, вытрымаўшы іх і загартаваўшыся імі, мае права сам-насам размаўляць з вечнасцю. Так што падзякуем той, чужой , неіснуючай ужо, дзяржаве за неабыякавасць да нашай паэткі, за своечасова ацэнены яе літаратурны і грамадзянскі чын.
Пасмяротная слава паэтаў зява куды больш доўгатрывалая і надзейная. Праўда, прыходзіць яна ў розны час, калі палічыць патрэбным. І рухаецца, як правіла, знізу ўверх. Смерць Пушкіна ўжо ўскалыхнула палову Расіі, а фанабэрысты чыноўнік з цэнзурнага камітэта не пасаромеўся ўчыніць разнос рэдактару газеты, якая надрукавала некралог, дзе гаварылася пра веліч здзейсненага вялікім паэтам.
Смешна і нібыта недарэчна параўноўваць чыноўніка, прыналежнага да імператарскага двара, і чыноўніка савецкага, які займаўся цэнзурнымі справамі ў Зэльвенскім райвыканкаме. Але выканалі яны падобныя функцыі. Некралог па Ларысе Геніюш у зэльвенскай раёнцы таксама выклікаў чыноўніцкі гнеў. І адбылося гэта пасля таго, як пасмяротная слава паэткі ўжо закружыла над прыціхлаю Зэльвай, паказаўшы і мястэчку, і ўсёй Беларусі, каго яна абірае для размовы з вечнасцю.
Для мяне і сёння загадка, як у 1983 годзе, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты падкантрольным гарадку тысячы савецкіх людзей прыйшлі на вуліцу Савецкую, каб правесці ў апошні шлях несавецкую паэтку. Ніхто ж нікога з хаты не гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто збіраўся прысутнічаць на адпяванні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфестацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацвярджаючы словы Нябожчыцы: Мы вам не племя слугаў, мы народ!
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Марыс Метэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе Разумныя кветкі апісаў паводзіны раслінаў у самых розных умовах. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацвісці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насенне, якое не дасць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.
Гэтак паводзіцца і род чалавечы, які складаецца з розных народаў.
Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і не ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы. Але настаў момант ісціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсце, якое ў той дзень і ў той час выяўляла сабою менавіта народнае рушанне. Хай сабе і ў кірунку могілак. І выканкамаўскія інструкцыі над выяўленнем гэтым не мелі аніякае сілы.
З тых красавіцкіх дзён прайшло ўжо дваццаць сем гадоў. За гэты час чаго толькі ні адбылося на белым свеце! Знікла кіроўная і адзінаправільная партыя, распалася велізарная імперыя, БССР перайменавалася ў РБ, якая займела ўсе атрыбуты дзяржаўнасці ўлучна з пасадай прэзідэнта Але па вялікім рахунку нічога не змянілася, і час нібы закансерваваўся на вуліцы Савецкай у Зэльве. Спытайцеся ў мясцовага чыноўніка пра Ларысу Геніюш і пачуеце звыклае, сто разоў тут моўленае і чутае: Не паложана А што і куды павінна быць паложана не ведаюць чыноўнікі ні ў Зэльве, ні ў Гародні, ні ў Менску.
І ці ўведаюць калі Дзесяць гадоў стукаючыся ў высокія дзяржаўныя кабінеты, я нарэшце зразумеў адну рэч і перастаў стукацца. Па адносінах улады да Ларысы Геніюш можна вызначыць характар гэтай самай улады. Геніюш для яе непрымальная? Значыць, улада гэтая антынацыянальная ў сваёй сутнасці, якія б там заклікі За Беларусь! ёю ні прагалошваліся. І наадварот, я ў гэтым перакананы, адным з першых крокаў сапраўды беларускай улады стане рэабілітацыя Ларысы Геніюш і належнае ўшанаванне яе памяці. А пакуль тое не адбылося, Рэспубліка Беларусь не стане нацыянальнай дзяржавай, і неістотна, пад якія гімны мы ўстаем і пад якія калыханкі кладземся.