Алексей Карпюк - Афицыянтка (на белорусском языке) стр 4.

Шрифт
Фон

Сярод iх дымiўся комiн сталовай. Андрэй доўга не мог адарваць вачэй, быццам з-над сталовай яму жывы чалавек памахваў шалем. Горад быў невялiкi. За сталовай яшчэ з дзесятак мураванак, якiя нагадвалi сабой параскiданыя цаглiны. За мураванкамi - палi, узгоркi, лес. Удалечынi ён разгледзеў сваю вёску. А над усiм гэтым плылi хмары, адтуль даносiўся магутны подых ветру. Ён адчуў у сабе дзiўную адвагу i ўпэўненасць. Без ценi страху Андрэй узняўся са сценкi комiна i стаў на яе краi ў повен рост. Уздыхнуў на поўныя грудзi. Яму захацелася крыкнуць гэтак, каб заклубiлiся ў небе хмары, загойдалiся ўзгоркi, каб пачулi яго нават у вёсцы. Яму захацелася ўзняцца i паляцець.

- Ты толькi паглядзi, наш муляр зусiм здурэў! - пацiху, каб сваiм крыкам не спалохаць Андрэя, бо ён тады мог бы разбiцца, праказала адна дзяўчына да сябровак.

Да комiна наблiжалася варона. Канцы яе крылляў свяцiлiся, як канцы сцёртага венiка, i пры ўзмахах iх даносiўся сiплы свiст паветра. Муляр нагнуўся, схапiў камяк сухой вапны, крыкнуў i запусцiў яго ў варону. Варона часта залопала крыллямi, быццам яна забiлася на вадзе, i спалохана паляцела назад. Камяк разляцеўся ў паветры i градам пасыпаўся на дзяўчат. Унiзе пачуўся крык, смех.

Прагудзеў гудок. Да краю комiна быў прымацаваны блок з вяроўкай. Кола пачало круцiцца, натужлiва заскрыпела на iм вяроўка: гэта дзяўчаты знiзу падавалi муляру вядро вапны. Андрэй адагнаў мары, паспрабаваў нагамi, цi моцна пад iм ляжаць дошкi, узяў вядро, кельму i прыступiў да працы.

Але як толькi паклаў першую цаглiну, яго вочы пацягнула ў бок сталоўкi. Далей Андрэй клаў цэглу, ахоплены марамi. То яму здавалася, што ён з Люсяй iдзе ў сваёй вёсцы па лузе, дзе iскрыць на сонцы не то раса на травах, не то крышталь са сталоўкi. То яму здавалася, што яго комiн знаходзiцца дзесьцi сярод хмар, на iм стаiць ён i яна. Гэты малюнак ён так выразна бачыў, што нават адчуваў цяпло Люсiнага подыху.

IV

Аднаго дня, яшчэ задоўга да абеду, Люся рыхтавалася да сустрэчы са сваiм "тынкоўшчыкам".

У гэты дзень дзяўчыне з самага рання не шанцавала. Спачатку яна разбiла цэлы паднос пасуды i расплакалася. Потым, забегшы за цёцiну шырмачку, Люся аб жалеза, якiм былi акаваны скрынi, парвала панчоху. Стала шукаць iголку i, як на бяду, яе нi ў кога не было. Нарэшце кухар паклiкаў дзяўчыну, зняў свой белы каўпак, дастаў з яго iголку i, даючы, сказаў:

- На. Яшчэ салдацкая. А другi раз каб сваю мела, глядзi. А то дзяўчына i без iголкi.

Уладзiлася справа i з талеркамi, жанчыны яе запэўнiлi, што пасуда б'ецца абавязкова на шчасце! А цёця Глаша ад сябе дадала, што заступiцца перад Сямёнам Макаравiчам, каб ён гэтыя талеркi спiсаў.

Ужо, здаецца, усё было добра. Надзя адна абслугоўвала залу. Раптам дзяўчыне стрэлiла ў галаву, што яна ад плачу змянiлася ў твары. Люся пабегла да шафкi, у якой афiцыянткi клалi свё адзенне. У гэтай шафцы Мiра пакiнула аб сабе ўспамiн - памаду. Люся ўзяла яе i пабегла за шырму.

Калi з падфарбаванымi вуснамi, шчокамi i брывамi Люся выйшла з-за шырмы, жанчыны ўспляснулi рукамi: так той было не да твару. Але дзяўчына спадабалася сама сабе i не хацела нiкога слухаць.

Увайшоў Андрэй. Люся крыху пачакала, каб той усеўся, а потым выйшла ў залу. Хлопец узняў ад меню вочы, глянуў на дзяўчыну i сумеўся. Ён заморгаў вачыма, нават азiрнуўся навокал, потым зноў накiраваў свой позiрк на афiцыянтку.

Люся дагэтуль нiколi не фарбавала твару. Зараз ад фарбы яна не стуляла губ, i яны так i заставалiся ў яе адтапыранымi, нiбы дзяўчына збiралася свiстаць, нiбы губы ў яе былi апухлыя. На шчоках вiднелiся плямы пудры. Адчуўшы сябе няёмка, дзяўчына ўставiлася ў меню. З нафарбаванымi вуснамi яна не магла гаварыць. У такiм смешным выглядзе Люся i стаяла перад Андрэем.

У сталоўцы абедала яшчэ некалькi рабочых, якiя працавалi разам з Мiронiшыным сынам.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке