Падаючы, ён пачырванеў. Люся таксама разгубiлася i выпусцiла манету на падлогу. Абое нагнулiся яе падымаць i стукнулiся галовамi. Клiенты засмяялiся, а хлопец з дзяўчынай, засаромленыя, разышлiся.
У сталоўцы ўстанавiўся такi звычай: кармiць хлопца кожны дзень - Люсi. Дзяўчына прыкiдвалася, што гэтым нездаволена, але ўсiм было вiдочна, як яна старанна i з наiўным захапленнем выконвае свой абавязак. Калi хлопец заходзiў i садзiўся за стол, Мiра або Надзя казалi сяброўцы:
- Ну, iдзi. Твой прыйшоў!
- Чаму заўсёды мне i мне? - нiбы бурчала яна.
- Яшчэ будзеш тут ламацца? Марш! - гнала яе буфетчыца.
- Ну i пайду, падумаеш... - нiбы абуралася яна i iшла толькi таму, што падпарадкоўвалася сiле.
Але хутка ёй апрыкрала так прыкiдвацца. А яшчэ праз нейкi час Люся выказвала сваю сiмпатыю да маладога клiента ў адкрытую. Калi ён заходзiў, узнiмала на ногi ўсiх. Кухар, дзядзя Грыша, якi правёў вайну на падножцы батальённага катла, наўмысна затрымлiваў на кухнi абед. Тады яна крычала на яго:
- Дзядзя Грыша, вы што, заснулi?
- Ага! - дражнiўся той i яшчэ павольней налiваў у талеркi.
- Ну, хутчэй! Ён жа там чакае, а вам - смешачкi!
Нарэшце кухар аддаваў ёй талерку, паклаўшы туды больш мяса, чым у iншыя. Цёця Глаша паглядала з-за буфета ласкава. Надзiны вочы рабiлiся адразу i шчаслiвымi i сумнымi. Толькi адна Мiра пагардлiва выпiнала губы ды, павёўшы плячыма, гаварыла:
- Таксама мне знайшла! Тынкоўшчык нейкi, фi!
- Ну, няхай сабе i тынкоўшчык! А што, ён не чалавек? - запальчыва заступалася Люся.
Аднойчы, пасля такой размовы памiж дзяўчатамi на кухнi, Люся панесла ў залу талеркi, а Мiра, падфарбаваўшыся, выйшла да буфета пазiраваць афiцэрам, якiя нядаўна ўвайшлi з двара. Вайскоўцы старалiся зачапiць Люсю, але тая нiбы не прыкмячала iх, а калi не магла стрымаць на твары ўсмешкi, выбягала з залы. Тады яны звярнулi ўвагу на Мiру.
Вайскоўцы доўга заставалiся ў сталовай. Яны пачалi запрашаць да стала дзяўчат. А якраз загадчык сталовай, Сямён Макаравiч, быў у адпачынку, яго падмяняла буфетчыца. Цёця Глаша была не строгая. Аднак дзяўчаты за стол не селi, толькi адна Мiра крадком выпiла крыху вiна, а адзiн пры гэтым сцiснуў яе за локаць.
Назаўтра маёр прыйшоў адзiн. Ён доўга сядзеў за сталом, курыў i пазiраў на Мiру. Ад такiх залётаў той было няёмка перад сяброўкамi. Падмаляваўшыся больш ярка, узбiўшы валасы, Мiра стаяла ля буфета ў афiцэра на вачах.
Разлiчваючыся з маёрам, Мiра наўмысля затрымала яго трыццаць капеек. Потым, калi ён пайшоў, быццам спахапiўшыся, яна пагналася за iм на вулiцу аддаваць грошы.
У гэты вечар Мiра з маёрам была ўжо ў кiно.
II
Неяк у сталоўцы панаваў прыўзняты настрой. Люся чакала "тынкоўшчыка", хвалявалася, i гэтае хваляванне перадавалася ўсiм. Цёця Глаша каторы раз папраўляла каўнерык Люсi. Мiры з рання не было. Надзя адна абслугоўвала ўсе сталы. Сама Люся бегала з люстэркам за шырмачку.
Нечакана ў сталовую ўвайшла Мiра. Яна была апранута па-святочнаму i несла пад пахай пакунак. Пахвалiлася адрэзам кiтайскага шоўку - падарунак ад маёра. Афiцыянткi, калi прыйшлi ў сябе ад нечаканасцi, прарвалi паперу i пачалi аглядаць матэрыял. Мiра з гонарам паведамiла, што ў сталоўцы пабудзе толькi да вечара, што яна выходзiць замуж i што, наогул, сталовая ёй усе нервы выматала. Люся здзiвiлася. Надзя няўпэўнена ўсмiхнулася, прамармытаўшы, што, "вядома, маёршы неяк i няёмка працаваць афiцыянткай". А буфетчыца пакiвала галавой i прабурчала:
- Ой, дзеўка, глядзi! У гэтага маёра недзе такiх, як ты, шмат! - I яшчэ раз паправiла складку ў Люсi на каўнерыку.
У Мiры на момант з'явiўся неспакой у вачах. Але цёця Глаша пачала яе лаяць за тое, што клiенты з-за яе ўчора нарабiлi поўную "кнiжку скаргаў" запiсаў.
Увайшоў "тынкоўшчык". Амаль разам з iм увайшла група лётчыкаў, яны заблiшчалi сярэбранымi галунамi. Зайшло яшчэ некалькi наведвальнiкаў.