Яўген Аснарэўскі - Захад Беларусi: гiстарычны пазл стр 6.

Шрифт
Фон

У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.

«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».

Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.

Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:

«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».

Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.

Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.

Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.

«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: Пайдзі да Навагародка. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».

Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.

Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.

Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.

У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:

«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька  Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».

Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.

Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.

«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».


Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.


Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:

«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».

Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.

Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.

Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў  Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.

Фрагмент 8. Да пытання сталічнасці Навагародка: аналiз артыкула Т. Банараўскаса

У гэтай нататцы аўтар паспрабуе разгледзець артыкул вядомага літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пад назвай «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф». Пісаўся гэты артыкул даўно, больш за 20 гадоў таму, і яго аўтар, па-за ўсякім сумневам, прагрэсаваў з тых часоў у плане сваёй прафесійнай дзейнасці, але і зараз яшчэ дадзеная праца Баранаўскаса нярэдка фігуруе ў якасці крыніцы інфармацыі ў розных публікацыях, таму варта разгледзець твор бліжэй. У рамках навукова-папулярнага выдання аўтар не ставіць сабе задачу выконваць фармальныя правілы напісання крытычных работ  ніжэй дакладна не прадстаўлена класічна аформленая рэцэнзія. Замест гэтага выкарыстаны, скажам так, вольны падыход, які дазваляе данесці сутнасць крытычных заўваг у жаданай для аўтара форме.

Прыступім да сутнасці і звернемся да цытат са згаданага вышэй артыкула.

«1238 г. стаў фатальным для Русі і Літвы. На Русь навалілася хваля мангольскага нашэсця, якая неўзабаве ператварыла ў руіны многія квітнеючыя гарады. У Літве ж, наадварот, спыніліся міжусобіцы і зацвердзілася аднаасобная ўлада Міндоўга».

Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:

«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве . Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.

Далей ён піша:

«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину . Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3