Яўген Аснарэўскі - Захад Беларусi: гiстарычны пазл стр 2.

Шрифт
Фон

Замак Брэста ў гэты час заставаўся ў асноўным драўляным, хаця, як мяркуецца, уключаў каменную вежу валынскага тыпу, так званы «столп», пабудаваны яшчэ ў XIII стагоддзі.

У сучаснай гістарычнай літаратуры Гродна ўсё яшчэ часта называюць «другой сталіцай Вітаўта», аднак жа, які горад лічыўся першай сталіцай, Вільня або Трокі, часта не ўдакладняецца. Так ці інакш, нават калі лічыць падобны статус горада пэўным перабольшаннем, варта адзначыць, што Гродна без усялякага сумнення, разам з Трокамі, Вільняй і Коўнам, уваходзіў у пералік асноўных рэзідэнцый вялікага князя Вітаўта, а таксама часта прымаў і польскага караля Ягайлу. Важнай рэзідэнцыяй уладцаў быў таксама замак у Берасцi.

Калі пры Вітаўце і Ягайле Берасце хутчэй знаходзіцца ў цені Гароднi, то пры Казіміры Ягелончыку горад над Бугам ужо можна назваць як мінімум не менш важнай рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў. Па звестках польскіх гісторыкаў, менавіта ў Гродне Казімір атрымлівае прапанову стаць валадаром Кароны, а ў Брэсце згаджаецца ўзысці на сталец Польскага каралеўства, гэта значыць у перыяд праўлення Казіміра, Гродна і Брэст у чарговы раз «дзеляць паміж сабой» важную гістарычную падзею.

Казімір Ягелончык даволі шмат часу бавіў у берасцейскім замку, калі адпраўляўся з Кракава ў літоўскія землі, а таксама вяртаўся з Княства ў Карону.


Важным паказчыкам палітычнага статусу як Гродна, так і Брэста можна назваць колькасць сеймаў ВКЛ, праведзеных ва ўказаных гарадах дзяржавы. Звесткі даследчыкаў аб гэтых найважнейшых актах палітычнага жыцця дзяржавы даволі моцна адрозніваюцца. Існуюць розныя погляды на пачатак сеймаў, і часта менавіта Гродна аб'яўляецца месцам правядзення першага сейма, хаця некаторыя даследчыкі адлічваюць гісторыю склікання старадаўніх парламенцкіх асамблей Княства ад схода ў Віцебску, а іншыя ад збору шляхты ў Вільнi. Так ці інакш, у большасці публікацый сталіца ВКЛ Вільня паказваецца горадам, які прыняў найбольшую колькасць сеймаў краіны, а вось другое месца займае Брэст. Гораду над Нёманам дастаецца толькі бронза ў гэтай ганаровай гонцы. Падобнае ўзвышэнне Берасця было намечана, на думку аўтара, менавіта ў перыяд праўлення Казіміра Ягелончыка, які, аднак, памёр у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.

Такім чынам, грунтуючыся на статусе «другой сеймавай сталіцы» Вялікага княства Літоўскага можна казаць аб тым, што Брэст, у перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка, а затым і Жыгімонта Старога, як мінімум не саступаў Гародне палітычнай вагой, а можа быць і пераўзыходзіў горад над Нёманам па сваім значэнні.

Аднак ужо ў канцы праўлення Жыгімонта Аўгуста альтэрнатыўны Вільні цэнтр палітычнага жыцця па-за ўсякім сумневам знаходзіцца ў Гродне, дзе праходзіць прыём буйных дэлегацый розных краін, паказаны на вядомай гравюры Гродна, аўтарства Мацея Цюндта, і збіраюцца сеймы краіны, на якіх кароль вядзе падрыхтоўку да уніі Польшчы і ВКЛ.


Прыём у Гродне турэцкага пасольства. Гравюра Цюндта, 1568 год.


Пасля аб'яднання краін у канфедэрацыю, уладаром нядаўна створанай Рэчы Паспалітай неўзабаве становіцца Стэфан Баторый. Менавіта асабісты выбар гэтага манарха, які вылучаў Гродна сярод іншых населеных пунктаў краіны, у значнай ступені абумовіў будучае ўзвышэнне яго любімай рэзідэнцыі, і гэта ў выніку дазволіла гораду над Нёманам абысці нават Вільню, стаўшы фактычнай сталіцай ВКЛ.

Баторый пабудаваў у Гродне, па ўспамінах французскага падарожніка XVII стагоддзя Дзюпонта, «адзін з найпрыгажэйшых каралеўскіх дамоў у каралеўстве», што, зразумела, было істотным фактарам, якi прадвызначаў увагу наступных манархаў Рэчы Паспалітай да гродзенскага замка. Вектар узвышэння Гродна, намечаны Баторыем, умацоўвае статус горада, зафіксаваны, напрыклад, у кнізе нямецкага гісторыка Цайлера, выдадзенай у 1647 годзе. У ёй Гродна называецца «выбітным» і «другім пасля Вільні».

Асноўнай рэзідэнцыяй манархаў у гэты час з'яўляецца Варшава. Гродна стаяў якраз на актыўна выкарыстоўванай дарозе паміж сталіцай ВКЛ Вільняй і галоўнай рэзідэнцыяй каралёў і вялікіх князёў у Польшчы. Пры гэтым Брэст застаецца ў баку ад найкарацейшага шляха ўладцаў з фактычнай сталіцы Кароны ў сталіцу Княства.

У 1673 годзе Хрыстафор Пац дабіваецца так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ. Сеймавым горадам Літвы прызначаецца Гродна. Падобна Брэсту, які быў некалі «другой сеймавай сталіцай» Княства, Гродна ператвараецца ў другую сталіцу ўсёй Рэчы Паспалітай. Цяпер гэта галоўны горад Літвы, хаця, у некалькі парадаксальным ключы, ён не мае свайго ваяводства, якое ёсць у Брэста. Тым не менш, у самым канцы існавання Рэчы Паспалітай Гродна, без усялякага сумнення  фактычная сталіца ВКЛ, дзе і перагортваюцца заключныя старонкі існавання Княства, у прыватнасці, праходзіць апошні сейм Рэчы Паспалітай, пасля якога адбываецца паўстанне Касцюшкі, а пасля гэтага  палон апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў горадзе над Нёманам, і адрачэнне бяздольнага манарха ад трону.

Пасля далучэння Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны да Расійскай імперыі, статус Гродна быў такі высокі, што першапачаткова менавіта горад над Нёманам быў прызначаны цэнтрам краю, хаця неўзабаве сталіца перамясцілася ў Вільню.

У створанай расійскай адміністрацыяй новай губерніi Брэст стаў сталіцай павета, а губернскім горадам  Гродна, хоць, горад над Бугам быў больш-менш супастаўны з губернскім цэнтрам па колькасці насельніцтва.

Раздзелены Берасцейшчына і Гродзеншчына былі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. У 20-х гадах ХХ стагоддзя палякі зрабілі Брэст цэнтрам ваяводства, а Гродна толькі цэнтрам павета ў складзе ваяводства са сталіцай у Беластоку.

У складзе БССР Гродна і Брэст атрымалі свае вобласці, такім чынам зраўняўшыся ў сталічным статусе.

Цэнтрамі абласцей гэтыя заходнія гарады з'яўляюцца і ў складзе Рэспублікі Беларусь.

На момант напісання кнігі Гродна  буйнейшы заходнi горад, які лідзіруе ў большасці ўнутраных рэйтынгаў самых прыгожых гарадоў Беларусі, затое Брэсцкая крэпасць прымае большую, чым любы гродзенскі аб'ект, колькасць турыстаў, якія ў асноўным едуць з Расіі.

Два цэнтры на захадзе Беларусі. Два такія блізкія, але ў нечым і такія далёкія, цудоўныя гарады. Іх гісторыя  не толькі гісторыя своеасаблівай барацьбы за палітычную вагу, але і летапіс як бы падзеленых паміж двума гарадамі, эпахальных падзей, якія мелі ўплыў на сотні тысяч продкаў сучасных беларусаў. Таму гарады злучаны адмысловымі глыбіннымі ніцямі, якія не заўсёды проста ўбачыць абывацелям, але якія і нельга разарваць, пакуль чалавечая цывілізацыя захоўвае прыведзеныя вышэй гістарычныя звесткі ў сваіх вялiкіх архівах.

Фрагмент 2. Імперскія крэпасці ў Брэсце і Гродне

Знакамітая Брэсцкая крэпасць, вядомая далёка за межамі Беларусі, без усялякага сумнення яўляе сабой унушальны архітэктурны аб'ект, з багатай гісторыяй.

Будаўніцтва гэтага фартыфікацыйнага збудавання было, аднак, спалучана з культурнай трагедыяй горада над Бугам, а менавіта: знішчэннем усяго старога горада старажытнага Берасця.

Ажыццяўлялася будаўніцтва ў 30-х і на пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя, пазней рабiлiліся шматлікія «дабудоўкі» крэпасці.

Рашэнне аб будаўніцтве дастаткова маштабнага і дарагога аб'екта прыняў цар Мікалай I, які асабіста прыязджаў у Брэст. Дзякуючы ўспамінам жыхаркі старога Брэста, Паліны (Паўліны) Венгеравай вядома, што мясцовая яўрэйская абшчына была ў жаху ад праекта, які прадугледжвае знішчэнне іх горада, хаця ўлады і абяцалі кампенсаваць страты. Людзі прасілі захаваць іх дом, але ніякія просьбы, зразумела, не мелі эфекту і зацверджаны найвышэйшым загадам план быў рэалізаваны.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3