Трусаў Дзяніс - Слоў моб

Шрифт
Фон

Дзяніс Трусаў

Слоў моб





Трэцяя кніга Дзяніса Трусава паэта і музыкі, які нарадзіўся ў 1978 ў Наваградку, жыў у Горадні і Варшаве, Язева, Штабіне, а з 2016 года жыве ў Ханоі гэта інтуітыўны суплёт вершаў, песень, і лірычных мініяцюр і навел на англійскай, беларускай, ветнамскай, польскай і рускай і мовах.





Прысвячаю бацькам


У Ампетыяніі вельмі папулярнае апошнім часам дзіўнае захапленне.

Называюць яго slow-mob.

Людзі дамаўляюцца пра сустрэчу ў інтэрнэце, потым развітваюцца з сем'ямі, бяруць цёплыя рэчы, гэблі і зборнікі бардаўскай песні ды сыходзяць у лясы. І разам будуюць там горад і жывуць у ім пакаленне за пакаленнем, жывуць роўна тысячу гадоў.

А потым раптам разыходзяцца, як нічога ніякага.

Тэксты, якія вы сустрэнеце ў гэтай кнізе,  водгулле падзей і станаў, якія мелі месца падчас аднаго з такіх слоў-мобаў.


Бяспамятка

Калі доўга-доўга-доўга

Калі доўга-доўга-доўга крочыць па лясной дарожцы ад Альхоўкі на поўнач

Калі доўга-доўга-доўга крочыць па лясной дарожцы ад Альхоўкі на поўнач і пры гэтым не скакаць, не ехаць, не бегчы, але змыкаць адзінец і паказнік правай рукі на жоўтай галоўцы дзьмухаўца і павольна размінаць гэтую вільготную жоўтую мазгаўню двойчы направа і тройчы налева, і пры гэтым накульгваць на левую нагу, і чатыры разы кланяцца кожнаму сустрэтаму на дарозе ядлоўцаваму хмызу, і тройчы круціцца вакол сябе, шторазу, як пачуеш зязюлю, і не вітацца з пахілым мёртвым Тэслам, што сядзіць на мурашніку, і скрыжоўваць пальцы, праходзячы паўз вялізны дуб, у галінах якога спіць, скруціўшыся абаранкам, счарнелы, але вечна жывы Ленін, і падміргваць таксама вечна жывому, але прасвятлеламу Дэйвіду Боўі, і не адскокваць ад паўпразрыстага чорна-белага паравоза, але даць яму прамчацца скрозь цябе, выхопліваючы і выносячы з сабой усё фантомныя, несапраўдныя атамы, і на скрыжаваннях збочваць туды, куды падзьме ветрык, і хавацца ад першага дажджу, але не хавацца ад другога і трэцяга, і пяяць па дарозе ўсе песні свету, і цягнуць кожную з іх да канца, пакуль яна не ператворыцца ў попел на вуснах.

І вось калі няўхільна крочыць, і змыкаць, і размінаць, і накульгваць, калі кланяцца і круціцца, скрыжоўваць, не вітацца, падмірваць і не адскокваць, збочваць і спачатку хавацца, а потым ужо не хавацца, і пяяць, і цягнуць да канца, і ні разу пры гэтым не памыліцца, то ў выніку ты вернешся ў самы-найсамы назад.

І вырасце поўсць, і праточацца пахі, якіх ты ніколі не ведаў, і спыніцца калыханне лічбаў і зумканне эпітэтаў. І ўся жывёла, кветкі і сузор'і страцяць найменні, а ты сваё імя, але гэта будзе прыўкрасна і зусім не страшна.

Нос па ветры, палка-капалка ў дужым кулаку, падобнае ў падобным.

Ты знойдзеш на ўзлеску гняздо курапатвы і павячэраеш цёплымі яйкамі, і закусіш горсткай ажыны. І заснеш пад хмызам у імху, а ў далёкай-далёкай-далёкай-далёкай Альхоўцы цябе ўжо ніколі не дачакаюцца.


Сова


В лесу живёт двуглавая сова. Пушистый полуночный космос крыл.

Я тёмную поцеловал сосну. И как домой идти я позабыл.


В лесу живёт двуглавая сова. Но мы с тобой живём в полуквартире.

У нас за дверью не бывает зла, у нас за дверью дважды два всегда четыре.


В лесу живёт двуглавая сова, живёт как человек, как леший бродит.

И терпеливо неплетомое плетёт.


Мы не рабы, рабы не мы.

Хищник на воле.


Qvarta vigilia

Я намагаўся падаўжаць памяць ад дожджычку ў чацвер і па сей калядны дзень, па начах уставаў, таптаўся вакол стала, а на стале скакалі чарцяшкі, зусім яшчэ нераспазнаныя, але ўжо пагрозлівыя і небяспечныя.

Часам мне чуліся серэнады, усё як мае быць, са словамі і музыкай, такія гучныя, ажно каб суняць гэтую музыку, я біўся галавой аб батарэю, пазбаўляючыся ад д'ябальскіх спеваў да апошняе ноткі.

Я спрабаваў не выходзіць з дому, калі ўначы яны гукалі мяне пад акном, я трымаўся як мог пазногцямі, тэлефонамі, вершыкамі і ўсмешкамі, але ўсё саслізгвала і ляцела надвор, дзе яны ўжо чакалі, такія сумныя, недасягальна сумныя тры сястрыцы, тры дзявіцы, тры парадкі. І першая сястрыца была чорнатварая, і калі яна глядзела, то бачыла навылёт. А другая сястрыца была бязрукая, але калі яна хапала за горла, нельга было ані выцерабіцца, ані ўцячы. А трэцяя сястрыца спазнавала чалавека, спазнавала да самае глыбіні, і пасля гэтага ўжо чалавек не жыў доўга.

І я стаяў перад імі ў снежным сумёце, спадзеючыся, што ты прыйдзеш і ўстанеш паміж імі, сястра мая нявеста. Але ты ніколі не прыходзіла.


Кундаліні самотнага лыжніка

Георгію Іванаву

Ён памятае яшчэ ржавае лета і пясок на зубах, і цёплую гарэлку, і гуркі, і тое, як яна звівалася пад ім і пахла арэхамі І камары, і камета

Цяпер снег, ноч, і лесу зусім не пазнаць. Зноўку гэтая ліхаманка, ён так хоча яе, і гэта падаецца яму дзіўным, таму што ён ужо не бачыць, як даўней, а яе можна ўбачыць толькі так, як ён бачыў тады.

Паскараючы бег, ён думае, што яны і так былі непатрэбнымі, абыякавымі медыумамі лета. Гэтая думка амаль супакойвае яго. Ненадоўга.

Парыпвае снег пад лыжамі, чарнеюць хваіны, чырванее страх у ягонай галаве. Разгойдваецца белы трохкутнік аблічча. Усё ясна. Нічога не ясна. У гурбах яму мрояцца рысы ейнага аблічча, абрысы цела ён хапае снег прыгаршчамі і есць, і смяецца ад роспачы і бяссілля. Снег пякучая жаданая гарачая магма знянацку растае ў горле. Міма, зноў міма. Ён сплёўвае і адкашліваецца, стоячы на карачках, а хваіны ўзносяць заклёны: Спі, спі, неспакойны, кладзіся, тут мякка, тут добра кладзіся, с-с-с-спі!

Космас і ўтульны будзільнік на тумбачцы ў ейнай спальні. Боль у скронях і кволая надзея. Ён выпраўляе яе ў бяздонныя тоні, чорныя воды, крынічныя віры.

 Вазьмі мяне за руку, любы.

Вярнуўшыся да памяці, ён бачыць, што паціскае яловую лапку.


У грыбы

Вось грыбнік знайшоў вока.

Блакітнае пяшчотнае вока глядзела на грыбніка з моху.

Вока міргнула, грыбнік нахіліўся.

Вока заплюшчылася.

Грыбнік дастаў нож.


Нападалёку ўпала шышка, адскочыла ад галіны і пстрыкнула па кары.

Уверсе, у карунках хвоі, амаль ля самага неба, усё раптам згадала ваверчанё і пасівела.


Усе людзі спярша добрыя і ўсе дзеці спярша неўміручыя.

І вочы спярша ненаглядныя.

Спярша ўсё нішто.


Ішоў па лесе грыбнік навобмацак, варушачы бровамі над крывавымі чорнымі дзірамі.

Ішоў, мусіць, відаць, магчыма дадому.

У цёплым імху на ўзлеску плакала блакітнае пяшчотнае вока.


zimna wojna

(З альбому Dead Europe FM, 2009)


graniczymy

tylko raz

rozporkami


graniczymy

tylko raz

ranami warg

ranami warg


korkociągami

kręgosłupów

graniczymy

beznamiętnie


relaks

orgazm

barter

zmęczenie


i znów

dwa ponure

mocarstwa

leżące obok

siebie

wydalają

dyplomatów

wysyłają

szpiegów

graniczymy tylko raz


*

idzie śnieg

idzie zimna

wojna


*

jest luty


Як было да Вялікага Прамяністага

Аднойчы ў Ампетыяніі не ўзышло сонца.

Усе былі вельмі занятыя сваім жыццём і гэтага зусім не заўважылі.

Працавалі станкі, адразаючы трошачкі больш працоўных пальцаў, чым зазвычай, гадзіншчыкі мружыліся крыху мацней, у дзяцей хованкі перасталі карыстацца папулярнасцю. Ампетыянскія вытворцы слюдзяных пляжных акуляраў збанкрутавалі.

І цеплаходы плылі, гінучы часцей. І неўпрыкмет шрыфт Брайля зрабіўся нацыянальным алфавітам.

Глядзець тэлевізар і не глядзець тэлевізару зрабілася абое-рабое.

Але ніхто не заўважыў, што сонца не ўзыходзіла.

І было так датуль, пакуль не нарадзіўся Вялікі Прамяністы.

Але адгэтуль у Ампетыяніі мудрыя людзі кажуць: Пераначуем менш пачуем.


+ + +


хлопчык, укушаны ветрам


о, зубы ветру, што сцялі маю галаву!

о ўчэпістыя, атрутныя зубы, што сцапалі мяне на паўдарогі да ціхіх заток правінцыйнага жыцця! вецер павабіў мяне, заразлівы смерч, чорны віхор, а зубы ягоныя загнутыя на захад ніхто не вернецца з пашчы ветру, ніхто не прыйдзе з захаду.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3